РОЎНАРАЗМЕРКАВА́ННЯ ЗАКО́Н,
тэарэма класічнай статыстычнай фізікі, якая сцвярджае, што для статыстычнай сістэмы ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі на кожную ступень свабоды прыпадае аднолькавая сярэдняя энергія. Паводле Р.з. кожная ступень свабоды паступальнага і вярчальнага руху характарызуецца сярэдняй кінетычнай энергіяй, роўнай kT/2, а кожная вагальная ступень свабоды — сярэдняй энергіяй kT (kT/2 на кінетычную энергію і kT/2 на патэнцыяльную энергію). На аснове Р.з. вызначаюцца лімітныя значэнні цеплаёмістасці шмататамных газаў і цвёрдых цел пры высокіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)